Статут Велакухні «Гараж 38»
зацверджаны Праўленнем "Мінскага роварнага таварыства" 12.08.2013г.
- Велакухня «Гараж 38» - грамадская некамерцыйная роварная майстэрня.
- Кіруемся вопытам і практыкай сусветнага руху BikeKitchen, а таксама імкнемся стварыць свой уласны вобраз.
- Любы чалавек можа прыйсці ў Велакухню і скарыстацца даступнымі рэсурсамі для рамонту, абслугоўвання ровара або стварэння чагосьці звязанага з роварнай тэматыкай.
- Калі вы штосьці ўзялі на Велакухні, пакіньце, калі ласка, штосьці ўзамен: гэта можа быць ахвяраванне ў грашовай ці натуральнай форме, дапамога ва ўладкаванні Велакухні, дапамога іншым наведвальнікам. Велакухня існуе за кошт ахвяраванняў і дабраахвотнай дапамогі.
- Ахвяраванне запчастак, інструментаў, расходных матэрыялаў вітаецца, але яны павінныя быць у прыдатным для выкарыстання стане.
- Грашовыя ахвяраванні для падтрымкі праекта пажадана пералічваць на банкаўскі рахунак Мінскага роварнага таварыства.
- Велакухня - гэта не крама. Калі ласка, не выносьце з майстэрні нічога, акрамя усталяваных на ровар запчастак.
- У майстэрні не дапускаюцца дзеянні, якія не адпавядаюць мэтам існавання майстэрні. У прыватнасці, забараняюцца: продаж паслуг і прадуктаў, распаўсюд або паказ матэрыялаў палітычнага характара.
- Размяшчэнне матэрыялаў камерцыйнага, асабістага і спартыўнага характара дазваляецца толькі ў спецыяльна адведзеных месцах.
- Не дапускаюцца дзеянні, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
- Куратар Велакухні – супрацоўнік, які адчыняе майстэрню ў часы працы і сочыць за парадкам.
- Куратар можа быць абраны трыма дзеючых куратараў. Куратар таксама можа быць прызначаны старшынёй праўлення МРТ.
- Наведвальнікі могуць знаходзіцца ў памяшканні Велакухні толькі ў прысутнасці куратара.
- Аператыўныя рашэнні прымаюцца большасцю галасоў прысутных куратараў, кворум – тры чалавекі.
- Змены і дапаўненні ў гэтым Статуце зацвярджаюцца Праўленнем Мінскага роварнага таварыства ў тым выпадку, калі з імі згодныя больш за 50% ад агульнай колькасці чальцоў Праўлення.