Статут Велакухні «Гараж 38»

зацверджаны Праўленнем "Мінскага роварнага таварыства" 12.08.2013г. 

  1. Велакухня «Гараж 38» - грамадская некамерцыйная роварная майстэрня. 
  2. Кіруемся вопытам і практыкай сусветнага руху BikeKitchen, а таксама імкнемся стварыць свой ​уласны вобраз.
  3. Любы чалавек можа прыйсці ў Велакухню і скарыстацца даступнымі рэсурсамі для рамонту, абслугоўвання ровара або стварэння чагосьці звязанага з роварнай тэматыкай. 
  4. Калі вы штосьці ўзялі на Велакухні, пакіньце, калі ласка, штосьці ўзамен: гэта можа быць ахвяраванне ў грашовай ці натуральнай форме, дапамога ва ўладкаванні Велакухні, дапамога іншым наведвальнікам. Велакухня існуе за кошт ахвяраванняў і дабраахвотнай дапамогі.
  5. Ахвяраванне запчастак, інструментаў, расходных матэрыялаў вітаецца, але яны павінныя быць у прыдатным для выкарыстання стане.
  6.  Грашовыя ахвяраванні для падтрымкі праекта пажадана пералічваць на банкаўскі рахунак Мінскага роварнага таварыства.
  7. Велакухня - гэта не крама. Калі ласка, не выносьце з майстэрні нічога, акрамя усталяваных на ровар запчастак. 
  8. У майстэрні не дапускаюцца дзеянні, якія не адпавядаюць мэтам існавання майстэрні. У прыватнасці, забараняюцца: продаж паслуг і прадуктаў, распаўсюд або паказ матэрыялаў палітычнага характара. 
  9. Размяшчэнне матэрыялаў камерцыйнага, асабістага і спартыўнага характара дазваляецца толькі ў спецыяльна адведзеных месцах.
  10. Не дапускаюцца дзеянні, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. 
  11. Куратар Велакухні – супрацоўнік, які адчыняе майстэрню ў часы працы і сочыць за парадкам. 
  12.  Куратар можа быць абраны трацінай дзеючых куратараў. Куратар таксама можа быць прызначаны старшынёй праўлення МРТ.
  13. Наведвальнікі могуць знаходзіцца ў памяшканні Велакухні толькі ў прысутнасці куратара.
  14. Аператыўныя рашэнні прымаюцца большасцю галасоў прысутных куратараў, кворум – тры чалавекі.
  15. Змены і дапаўненні ў гэтым Статуце зацвярджаюцца Праўленнем Мінскага роварнага таварыства ў тым выпадку, калі з імі згодныя больш за 50% ад агульнай колькасці чальцоў Праўлення.